СО́ШНАЕ ПІСЬМО́,

апісанне зямельных уладанняў у гарадах і сельскіх мясцовасцях для пазямельнага абкладання ў Расіі 15—17 ст. Прадугледжвала вымярэнне зямельных плошчаў (у гарадах — забудаваных дварамі), перавод атрыманых звестак ва ўмоўныя падатковыя адзінкі — сохі (гл. Саха) і вызначэнне на гэтай аснове памеру прамых падаткаў — т.зв. пасошнага. Тэхніка С.п. (ажыццяўлялася спец. пісцом з падначаленымі яму пад’ячымі) змянялася ў адпаведнасці са зменай паняцця «саха» і набыла ўстойлівыя формы ў 16—17 ст. у кнігах сошнага пісьма. Поўныя апісанні гарадоў і паветаў з іх насельніцтвам, дварамі і катэгорыямі землеўладання складалі пісцовыя кнігі. У 1646 адзінкай для вылічэння пасошнага стаў двор і замест пісцовых кніг пачалі складаць перапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі толькі перапіс двароў і іх насельніцтва, а ў 1679 двор стаў і адзінкай падаткаабкладання (гл. Падворнае абкладанне).

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)